18:32:42 Песня, запісаная ў Крупскім раёне, трапіла ў новы альбом Re1ikt | |
Яна была перанятая музыкамі ад Марыі Сямёнаўны Амос ў вёсцы Халопенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці ў 2012 годзе. Гурт любіць наведваць з канцэртамі маленькія населеныя пункты па ўсёй Беларусі, і менавіта ў выніку адной з такіх паездак удзельнікам каманды ўдалося запісаць ад носьбіта і пасля ўключыць у альбом гэтую песню. Знайсці цікавую захавальніцу фальклору ўдалося дзякуючы маладому журналісту Кірылу Пятрэнку. Зрэшты, Крупскі раён Re1ikt наведваў неаднойчы, выступаў у саміх Крупках перад скаўтамі, а таксама завітваў да іх на летнюю Выспу. Альбом "Kufar" з’явіўся роўна праз год пасля выхаду дыска "Лекавыя травы", прызнанага беларускімі экспертамі найлепшым рок-альбомам 2015 года. Ён запісваўся ў польскай Studio-X вядомага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў Ольштыне і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. “Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой”, - распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка. Грошы на выданне былі сабраныя ў выніку краудфандынгавай кампаніі, у якой паўдзельнічалі больш за 80 чалавек з розных краін свету: Беларусі, Польшчы, Сербіі, Канады, ЗША. Сума ахвяраванняў склала 2 453 рублі. Гэтых сродкаў хапіла не толькі на тое, каб выпусціць дыск, але і прафінансаваць здымкі кліпа. Прэзентацыя альбома "Kufar" адбудзецца ў сталічным клубе "Бруге" 10 снежня. Музыкі рыхтуюць вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавыя гасцей і, вядома ж, сюрпрызамі. Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі. | |
Mне нравится
+3
|
Всего комментариев: 0 | |