Главная » 2013 » Октябрь » 8 » У Крупскім раёне настаўніца сама спыніла аўтобус з чатырма школьнікамі
14:45:22
У Крупскім раёне настаўніца сама спыніла аўтобус з чатырма школьнікамі

У той дзень настаўнік-дэфектолаг Халопеніцкай сярэдняй школы, што ў Крупскім раёне, Ірына Старавойтава разам з вадзіцелем Анатолем Асташонкам на школьным аўтобусе збіралі дзяцей у школу. У першай вёсцы ў салон зайшлі чатыры школьнікі, астатніх бацькі сваім транспартам адвезлі ў Халопенічы.

Ірына Мікалаеўна ўладкавалася на першым сядзенні. Сядзела ў паўабарота, каб не выпусціць з поля зроку дзяцей, і адначасова слухала кіроўцу, які расказваў пра тое, як удала схадзіў у грыбы. Ды і сама Ірына Уладзіміраўна — заўзятая аматарка грыбнога палявання.

— Анатоль Уладзіміравіч ніколі не скардзіўся на здароўе, заўжды добра сябе адчуваў, і ў той дзень быў у прыўзнятым настроі, — згадвае Ірына Старавойтава. — І раптам змоўк на паўслове. Я адчула няладнае і рэзка павярнулася да яго. Вадзіцель усім целам заваліўся на руль, а аўтобус каціўся з горкі ў кювет. Адной рукой я схапілася за баранку, каб выраўнаваць рух аўтобуса, а другой прытрымлівала цела вадзіцеля. Як толькі мінулі невялікі масток цераз рэчку, хутка выняла ключ запальвання, і аўтобус са страшным ровам спыніўся.

У выніку былі заблакіраваны пярэднія дзверы, дзяцей удалося вывесці цераз заднія, запасныя.

Пасля жанчына выклікала "хуткую дапамогу", міліцыю і патэлефанавала дырэктару школы Ірыне Іванаўне Сабалеўскай: "Я выратавала дзяцей і аўтобус, а Уладзіміравіча выратаваць не змагла…", — толькі і змагла вымавіць.

— У такіх выпадках людзі сцвярджаюць, што перад вачыма пранеслася ўсё жыццё. Нічога такога са мной не адбывалася, не было ні істэрыкі, ні слёз, проста быў шок. Заплакала толькі дома, калі асэнсавала, якое няшчасце магло адбыцца з дзеткамі, — прызналася Ірына Мікалаеўна.

А тады жанчына бегала ад дзяцей да кіроўцы. Першых супакойвала, другому спрабавала аказаць дапамогу.

"Але калі ён захрыпеў, зразумела, што гэта ўсё. Апошнія хрыпы, калі чалавека пакідае жыццё, адбіліся ў маёй памяці назаўжды: на маіх руках памерла мама", — мая суразмоўца імкнецца схаваць слёзы.

"Хуткая" прыехала літаральна праз 5-7 хвілін, медыкі пачалі аказваць дапамогу кіроўцы, але было позна: адарваўся тромб, які і прывёў да імгненнай смерці. Другая машына хуткай дапамогі забрала дзяцей, якія перажылі страшэнны стрэс.

— Далёка не кожны прафесійны вадзіцель на вашым месцы так імгненна адрэагаваў бы на сітуацыю. А тут ні разгубленасці, ні істэрыкі. Што дапамагло сканцэнтравацца, ацаніць абстаноўку? — не перастаю здзіўляцца мужнасці Ірыны Мікалаеўны.

— Нават не ведаю, усё рабіла нібы ў нейкім сне, але, як аказалася потым, дзейнічала правільна. У мяне нават няма вадзіцельскага пасведчання, думаю ў гэтым месяцы запісацца на курсы, — кажа яна.

Праўда, падлеткам тры сезоны запар падчас жніва Ірына працавала памочнікам камбайнера ў свайго бацькі Мікалая Дзям’янавіча Старавойтава, які быў вельмі паважаным чалавекам, перадавіком, ардэнаносцам, пра яго расказваецца ў Кнізе "Памяць" Крупскага раёна. На поле часта прыязджалі журналісты, а тата прасіў: маўляў, пакажы, дачушка, які ты ў мяне памочнік. І дзяўчынка садзілася за штурвал камбайна, каб прадэманстраваць майстэрства. Можа набытыя навыкі і дапамаглі настаўніцы справіцца, узяць сябе ў рукі ў складаных абставінах.

— Ведаеце, для мяне 26 чысло нейкае містычнае, нешта заўсёды здараецца ў маім жыцці: добрае ці дрэннае. 26 жніўня нарадзілася я, 26 ліпеня — мая лепшая сяброўка, 26 студзеня ў мяне з’явілася дачка, 26-га памёр мой тата, 26 верасня падала заяву на развод з мужам, — прызналася мая суразмоўца. — А ў той дзень я не прадчувала бяды. І толькі калі міліцыянер працягнуў пратакол здарэння і вымавіў: "Падпішыце 26-м", — мяне нібы кіпнем апарылі", — прызнаецца Ірына Старавойтава.

Жыццё ніколі не песціла гэтую прыгожую жанчыну. Калі вучылася ў дзясятым класе, памёр бацька, пазней не стала маці. У сям’і падрастаў малодшы брат, адказнасць за выхаванне якога ўзяла на сябе. Даводзілася разлічваць толькі на свае сілы. Можа, адсюль і мэтанакіраванасць у дасягненні мэты, энергія, жыццялюбства і спагада да людзей, імкненне прыйсці ім на дапамогу. Вось ужо 9 гадоў выкладае ў Халопеніцкай сярэдняй школе, завочна закончыла педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці настаўнік-дэфектолаг. Усё жыццё яна марыла быць настаўніцай фізкультуры. Ды так і не навучылася плаваць, што і стала перашкодай для паступлення. Але пра гэта Ірына Мікалаеўна не шкадуе. "Маё прызванне — быць настаўнікам, — кажа яна. — І я ім стала".


— Сапраўдным педагогам, — дадае дырэктар школы Ірына Сабалеўская. — Ірына Мікалаеўна заўсёды наперадзе са сваім класам, як у прафесійным плане, так і ў спартыўных дасягненнях.

Але галоўнае дасягненне, якое цешыць мацярынскае сэрца, — дачка Дзіяна. Дзяўчына закончыла школу з залатым медалём, вучыцца на другім курсе педагагічнага ўніверсітэта імя Танка, дзе атрымлівае спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў. Ірына Мікалаеўна сваім прыкладам выхоўвала дачку. І вырасла яна прыгажуняй, разумніцай, дбайнай гаспадыняй. Знаёмыя маці заўсёды казалі пра яе: "Дарослая не па гадах".

У суседняй вёсцы жыве і самы блізкі чалавек — родная цётка Сцеша. Хварэе часта, вось і сёлетняй зімой ляжала ў бальніцы. А пляменніца амаль штодзень ездзіла, каб прапаліць печку, ды пакарміць двух сабак, ката і курэй.

У Ірыны Мікалаеўны часта дапытваюцца, ці не сумна прыгожай маладой жанчыне жыць адной. А ёй няма калі сумаваць: дом, работа, дзеці, агарод, а летам — хатнія нарыхтоўкі на зіму. "Радуюся кожнай вольнай хвіліне, калі ўдаецца пабыць адной", — усміхаецца яна.

Але ўсмешка раптоўна знікае з вуснаў: "Вось толькі Анатоля Уладзіміравіча не вернеш. Нядаўна ён знайшоў багатую мясціну апенек, але з’явіўся канкурэнт з вялікім, як цялё, сабакам, і ён вымушаны быў пайсці. Мне казаў: "Я туды абавязкова вярнуся!". Не вернецца…".

источник

Просмотров: 2052 | Добавил: Andrew | Рейтинг: 2.3/11


Всего комментариев: 1
avatar
1 Krimanoslis • 01:15:48, 25-Ноя-2013
УВАЖУХА !!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
avatar
Мы в соцсетях
Наши друзья
Первый Каталог - Предложения продавцов, каталог цен Belarus .:. Города Беларуси
Яндекс.Метрика